15 траўня завяршыўся конкурс эсэ, арганізаваны грамадзянскай ініцыятывай «Без візы!» сумесна з парталам TUT.BY. Удзельнікам было прапанавана падзяліцца сваімі гісторыямі, звязанымі з праблемамі атрымання віз і перасячэння мяжы, а таксама ідэямі, што маглі б спрасціць жыццё людзей, падзеленых візавымі перашкодамі. На конкурс было пададзена 82 творы.
«Конкурс выйшаў надзвычайны. Мы атрымалі шмат сапраўдных споведзей, гісторый візавага пытання, – каментуе сябра журы конкурса культуролаг Максім Жбанкоў. – Мяне здзівіла, што рэчы, пра якія пісалі ўдзельнікі конкурса, моцна ўплываюць на нашае жыццё ў самых розных вымярэннях: тут ёсць і праблемы пабудовы асабістых адносін, і пытанні адукацыі, межкультурнай камунікацыі, развіцця навуковых даследаванняў. Ёсць вельмі драматычныя расповеды людзей, якія вымушаны звяртацца за мяжу па дапамогу, і з розных прычын не могуць зрабіць гэтага своечасова».
З 82 пададзеных на конкурс эсэ, аповедаў і вершаў журы ў складзе ўзгаданага вышэй Максіма Жбанкова, рэдактара навінаў партала TUT.BY Кастуся Лашкевіча і спецыяльнага карэспандэнта «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Андрэя Елісеева, адабрала шэсць найбольш цікавых твораў.
Аўтарам найлепшага тэксту быў прызнаны мінчук Алег БАБЕЦ. Пераможца конкурсу атрымае магчымасць наведаць адну з краін Шэнгенскай зоны.
На думку журы, Алег Бабец «шчыра і поўна паспавёў сваю гісторыю, аб’яднаўшы яе з агульным пытаннем пра сэнс і мэту абмежаванняў, якія звязаны з выездам за мяжу». «Яго тэкст атрымаўся кранальным і драматычным адначасова. Менавіта таму мы вырашылі, што гэты чалавек заслугоўвае нашай падтрымкі», – лічыць Максім Жбанкоў.
«Не менш важна, што чалавек закрануў вельмі важную, сацыяльна значную праблему, пра якую большасць проста не задумваецца», – дадаў Кастусь Лашкевіч.
Сябры журы адзначаюць, што ў конкурсе спаборнічала немала яркіх, арыгінальных твораў, аўтарства якіх належыць беларусам розных узростаў і прафесій.
«Гэта турысты, тыя, хто шукае новых уражанняў, хто хоча адкрыць для сябе Еўропу. Гэта навукоўцы, якія спрабуюуь выехаць на якую-небудзь стажыроўку альбо кангрэс. Бізнесоўцы, у каторых таксама свае праблемы. Студэнты, якія імкнуцца развіваць сябе як спецыялісты. Сярод аўтараў – шмат людзей актыўных, з адкрытымі поглядамі. Па сваёй сутнасці яны ўжо і ёсць еўрапейцы, – каментуе Максім Жбанкоў. – Кажуць, для таго, каб адбыліся змены, трэба адкрыць Еўропу службоўцам. Але я думаю, наадварот: каб адбыліся нейкія пераўтварэнні, трэба адкрыць Еўропу беларусам».
«Так прынізліва – адчуваць сябе свіной катлетай, якая падчас транспартыроўкі за мяжу падлягае санітарнаму кантролю», – піша ў сваім эсэ Вераніка Абрамава.
«Адмена візавых абмежаванняў для беларусаў хаця б на шэсць месяцаў зробіць для дэмакратызацыі нашай краіны больш, чым агулам узятыя слуханні і рэзалюцыі па Беларусі, прынятыя еўрапейскімі структурамі. Еўропу чуе той, хто яе бачыў», – адзначае яшчэ адзін лаўрэат Дзмітры Няфёдаў.
Лепшыя “антывізавыя” эсэ