— Паслухайце, нам трэба ў Берлін, у Германію.
Не ведаеце, ці хутка будзе цягнік?
— О, вельмі хутка. Як раз вакзал будуюць.
«Еўратур»
Хто сказаў, што падарожжы — гэта сур’ёзна? Нават з самымі сур’ёзнымі людзьмі, якія грунтоўна да ўсяго рыхтуюцца, у падарожжах можа адбывацца нешта смешнае. Што тады казаць пра людзей несур’ёзных? А самі паглядзіце! Да Дня дурня мы падрыхтавалі для вас падборку камедый пра самыя, на наш погляд, бязглуздыя вандроўкі.
«Невыносны дзед» / «Jackass Presents: Bad Grandpa»
Магчыма, ад Джоні Ноксвіла не чакалі нічога лепшага за «Дзівакоў», але «Невыносны дзед» — гэта той жа гумар на мяжы фала, але яшчэ і з сюжэтам.
Пасля смерці сваёй жонкі стары Ірвінг не разгубіўся і вырашыў пачаць новае жыццё. Аднак змены ў планы і ідылію ўносіць яго дачка, якая рызыкуе ізноў сесці у турму. Цяпер Ірвінг павінны везці малога да яго бацькі праз усю Амерыку. Як часта бывае, узаемаадносіны паміж унукам і дзедам складаюцца не адразу. Але падарожжа, напоўненае прышпіламі і жорсткім гумарам, збліжае іх і Ірвінг нарэшце разумее, што ўнук характарам пайшоў у дзеда.
Гэта камедыя для аматараў нефільтраванага гумару. Паглядзіце і даведайцеся, як зрабіць любую вандроўку бязглуздай на ўсе 100%
«Вакацыі» / «Vacation»
Няма нічога больш незапланаванага, чым запланаваныя сямейныя падарожжы.
Сям’я Грысвільдаў адпраўляецца ў далёкую вандроўку ў парк забавак. У вельмі далёкую вандроўку! На машыне! Па дарозе іх чакае шмат падзеяў: смерць бабулі, якую яны прывязалі да даха аўто, дзіваватая сям’я дзядзькі Эддзі, тлусты ахоўнік і шмат чаго яшчэ.
Фільм прываблівае сваім простым сюжэтам і падыходзіць для тых, хто хоча расслабіцць свой мозг у цёплым сямейным коле. Да таго ж можна зладзіць цэлы марафон такіх фільмаў: акрамая «Вакацый» знятыя яшчэ «Еўрапейскія вакацыі», «Калядныя вакацыі» і «Вакацыі ў Вегасе». Глядзіце і пачынайце планаваць свой сямейны адпачынак разам з намі!
«Падарожжа»/ «The Trip»
Для аматараў гастранамічнага турызму падыдзе камедыя «Падарожжа» Майкла Уінтэрботама, галоўны лозунг якой — «Есці, піць і паспрабаваць не забіць адзін аднаго». А як жа інакш? Стыў вымушаны ўзяць у цудоўны дэгустацыйны тур па рэстарацыях Англіі не сваю дзяўчыну, а сябра-песіміста Роба.
Роб і Стыў — дзве супрацьлегласці. Паглядзім, як яны будуць суіснаваць разам. Фільм не столькі пра кулінарыю, колькі пра сяброўства ў розных яго прявах. Раім усім!
«Неверагодныя прыгоды італьянцаў у Расіі» / «Una matta, matta, matta corsa in Russia»
Дзень дурня — самая непасрэдная нагода пераглядзець знакамітую буфанаду Эльдара Разанава і Франка Прасперы. Па сутнасці гэты фільм — трактоўка знакамітага раману «12 крэслаў» на сучасны лад, што ўжо абяцае насычаны падзеямі сюжэт.
Перад смерцю расійская эмігрантка кажа сваёй унучцы Вользе, што ў Ленінградзе «пад ільвом» схаваны дужа каштоўны скарб, які належыць яе сям’і. Бабуля памерла, але пра яе таямніцу даведалася не толькі ўнучка, але і ўрач, санітары, пацыент ды выпадковы наведвальнік, які па выніку апынуўся мафіозі. І вось Вольга, а таксама кампанія тых, хто падслухаў, ляцяць у Расію і пачынаюць там бязглуздую гонку ў пошуках каштоўнасцяў. У гэтую ж гонку нечакана ўмешваецца гід Андрэй…
Вы, мабыць, памятаеце, чым усё скончваецца, але гэта не павінна замінаць паглядзець фільм яшчэ раз!
«Цягнік на Дарджылінг: адчайныя вандроўцы» / «The Darjeeling Limited»
Даволі спецыфічны фільм пра сямейнае падарожжа.
Тры браты не размаўлялі адзін з адным цэлы год, таму вырашылі адправіцца ў аб’яднальнае падарожжа праз усю Індыю. Але пачуцці паміж імі былі не дужа цёплымі: яны паспелі пасварыцца, падрацца і апынуцца высаджанымі з цягніцка на паўдарогі да мэты. Пра сапраўдную мэту паездкі ім стане вядома троху пазней ад аднаго з братоў. А пакуль усім тром трэба падумаць, хто яны насамрэч і што яны значаць адзін для аднаго.
Гэтая стужка дапамагае зразумець, што браты і сёстры — нехта большыя, чым тыя, за кім мы даношваем адзенне.
Увага! Настойліва рэкамендуем падчас прагляду атрымліваць асалоду ад цудоўных пейзажаў Індыі. А таксама плануйце вандроўку туды і не пашкадуеце!
Жадаем вам прыемнага прагляду. Вандруйце весела і без віз!
Жадаеце паглядзець што-небудзь іншае, але таксама пра падарожжы? Тады раім азнаёміцца з падборкай «Якія фільмы пра падарожжы варта абраць да прагляду у Дзень закаханых?».
Матэрыял кампаніі “У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!”