Танныя вандроўкі: Рушым ў Славакію
Пасля прагляду фільма «Еўратур» нам з сяброўкай вельмі захацелася пабачыць Славакію на ўласныя вочы. Неверагодныя краявіды, нізкія кошты і ўдалае месцазнаходжанне Браціславы (сталіца Славакіі, якая знаходзіцца ў 60 км ад Вены) натхнілі нас на падарожжа ў гэтую краіну. Вандроўка абышлася танна і пакінула вельмі добрыя ўспаміны. Нашыя парады, каб не згубіцца ў гэтай цудоўнай краіне і не прапусціць цікавыя месцы.
ДАРОГА
Маршрут даволі просты і аднолькавы ў абодва бакі. Едзем ранішнім цягніком Брэст -Цярэспаль, кошт квіткоў — 26 тысяч беларускіх рублёў. З Цяпэспалю каля 10 раніцы адыходзіць цягнік на Варшаву. Набываем квіткі за 36 злотых. З Варшавы і да самой Браціславы на аўтобусе кампаніі Polskibus за 20 еўра.
Каб добра і танна скласці маршрут могуць дапамагчы наступныя парады:
- Усе квіткі купляйце як мага раней.
- Не забывайцеся на магчымыя зніжкі, заўсёды запытвайце пра іх. Калі вы студэнт, то загадзя зрабіце ISIC, каб атрымаць зніжкі на квіткі.
- Не заўсёды фірмовыя аўтобусы спыняюцца на аўтавакзале (напрыклад, прыпынак Polskibus знаходзіцца не ў цэнтры, але каля станцыі метро), таму разлічвайце свой час загадзя.
На гэтых сайтах можна замовіць квіткі, пабачыць расклад, разлічыць час на дарогу і кошты квіткоў:
- rw.by
- rozklad-pkp.pl
- polskibus.com
БРАЦІСЛАВА
Першае ўражанне ад гораду было падвойнае. З аднаго боку горад еўрапейскі, а з іншага — след ад сацыялізму застаўся даволі значны. Але, тым не менш, Братыслава вельмі файны і своеасаблівы горад.
На гістарычны цэнтр сталіцы Славакіі, калі канешне не глядзець у кожную шчыліну, хопіць два дні. Раю у першы дзень паглядзець замак і розныя помнікі, музеі. Другі дзень проста прагуляйцеся па цэнтральнай частцы горада, Братыслава вас прыемна ўзрушыць.
Жытло выбіралі доўга. Спыніліся нарэшце на DOWNTOWNBACKPACKER’SHOSTEL. Мы вырашылі, што для нас гэта самы аптымальны варыянт, калі суадносіць кошт, месцазнаходжанне і інтэр’ер.
- Не купляйце даведнікі па гораду, лепш загадзя самі ўсё падрыхтуйце. Ці спытайце ў хостэле бескаштоўныя мапы, такія павінны быць.
- Каб не заблытацца і зэканоміць час раздрукуйце мапу гарадскога транспарту і расклад руху.
- Пра цікавыя кавярні і клубы пытайцеся ў адміністратара гатэля.
- У некаторых кавярнях ёсць асобнае студэнцкае меню, дзе кошты ніжэйшыя. Увогуле шмат дзе ёсць студэнцкія зніжкі, звяртайце на гэта ўвагу.
- У Братыславе ёсць адмысловая картка турыста, якая каштуе каля 10 еўра. Магчыма, яна будзе вам выгаднай. Турыстычнае картка дае права безкаштоўнага праезду ў транспарце і зніжкі ў музеі.
- Калі ёсць магчымасць браніруйце месца ў хостэле загадзя, атрымаецца танней.
- Мясцовы аўтавакзал зачыняецца ў 23.00, таму калі ў вас аўтобус ноччу падумайце дзе правесці час.
Знайсці хостэл можна тут:
- hostelsclub.com
- russian.hostelworld.com
- backpackers.sk
ВЕНА
Акрамя таго, што Братыслава даволі цікавае месца, ёсць у горада яшчэ адзін бонус — блізка Вена! Ну і канешне мы вызначылі дзень і рушылі ў яшчэ адну еўрапейскую сталіцу.
Кожную гадзіну з аўтавакзала Браціславы ад’язджае аўтобус у Вену. Квіткі лепш адразу набыць у два бакі, кошт 15 еўра. Толькі гадзіна, і венская кава, Хофбург, сабор святога Стэфана і шмат чаго іншага побач з вамі.
Каб не губляць часу да Вены трэба таксама падрыхтавацца:
- Каву смакуйце лепш у добрай кавярні, але ежа можа быць і вулічная, яна там таксама смачная.
- Мапы гораду знайдзіце і раздрукуйце загадзя. Безкаштоўную, падрабязную мапу будзе цяжка знайсці.
- Апошні аўтобус да Братыславы едзе даволі позна, але ўлічвайце розныя абставіны, каб на яго не спазніцца (мы напрыклад заблукалі).
Наша невялікая вандроўка склала 5 дзён, амаль 2 з якіх заняла дарога, і каштавала нам у 150 еўра. Улічваючы тое, што сілкаваліся мы ў кавярнях і набылі шмат сувеніраў для сяброў, гэта вельмі маленькая сума каб пазнаёміцца з іншай краінай і атрымаць неверагодную колькасць уражанняў.
Славакія — добрая краіна з добрымі людзьмі, якія пакінулі харошы след у памяці.
Алена Каховіч