Пазбавіцца ад візаў паміж Беларуссю і ЕС даволі проста. Гэты працэс прайшлі многія еўрапейскія краіны ад Літвы і Польшчы да Македоніі і Албаніі. Ён складаецца з некалькіх крокаў, якія мусяць зрабіць і беларускі ўрад, і Еўрапейская камісія:
1. Беларускі ўрад мусіць пагадзіцца на пачатак перамоваў з Еўрапейскай камісіяй, (менавіта яна прадстаўляе ўсе краіны ЕС) аб спрашчэнні візавага рэжыму. ЕС прапанаваў Беларусі сесці за стол перамоваў яшчэ ў чэрвені 2011 году. Беларускі бок не адказвае на прапанову ЕС і тлумачыць сваё нежаданне ісці на перамовы рознымі, часам супрацьлеглымі прычынамі.
2. Пасля перамоваў падпісваецца дамова аб візавай фасілітацыі (Visa Facilitation Agreement — спрашчэння візавага рэжыму). Гэта дасць магчымасць:
- знізіць кошт візаў з 60 да 35 еўра;
- выдаваць болей шматразовых візаў;
- спрасціць працэдуры выдачы візаў;
- павялічыць катэгорыі грамадзян, якія не плацяць за візы (дзеці, спартоўцы, журналісты, студэнты, навукоўцы і г.д.).
Украіна, Расія, Азербайджан і Арменія ўжо падпісалі гэту дамову. Для грамадзян Малдовы візы ў ЕС ужо зусім не патрабуюцца. -> Пагадненні паміж краінамі ЕС і іншымі краінамі Усходняга партнёрства
3. Падпісанне дамовы аб рэадмісіі (Readmission Agreement). Гэты дакумент — абяцанне, што краіна забярэ назад сваіх нелегальных мігрантаў, калі тыя будуць знойдзеныя на тэрыторыі краін ЕС.
4. Падпісанне новай дамовы аб візавай лібералізацыі і пачатак «візавага дыялогу» паміж урадам краіны і ЕС. Атрымаўшы вестку ад краіны, што яна хоча адмяніць візавы рэжым, у адказ Еўрапейская камісія дасылае «action plan» (план дзеянняў) і пачынаецца «візавы дыялог» паміж урадам і ЕС.
Што павінна зрабіць Беларусь, каб падпісаць дамову з ЕС аб адмене візавага рэжыму?
- Увесці біяметрычныя пашпарты. Гэта міжнародны машыначытальны пашпарт, які мае чып з інфармацыяй аб асобе і адбіткі пальцаў. (Беларусь ужо іх мае! Не хапае толькі ўказу прэзідэнта, каб пачаць выдачу).
- Забяспечыць належную бяспеку базаў дадзеных аб грамадзянах, што перасякаюць мяжу і маюць нацыянальныя дакументы.
- Весці барацьбу з нелегальнай міграцыяй: мела неабходнае абсталяванне на памежных пераходах, фільтрацыйныя лагеры для мігрантаў, забяспечыла працэс рэгістрацыі мігрантаў і г.д. (Беларусь ужо нямала зрабіла на гэтым шляху).
- Супрацоўнічаць з ЕС і Еўраполам у пытаннях грамадскага парадку і бяспекі, барацьбы з арганізаванай злачыннасцю.
- Адпавядаць стандартам ЕС у прытрымліванні правоў і свабодаў чалавека, забяспечваць належны ўзровень дэмакратыі ў краіне.
5. Калі Беларусь выканае ўсе гэтыя патрабаванні, візавы рэжым будзе адменены. Беларусы змогуць прыязджаць і знаходзіцца ў Шэнгенскай зоне да 90 дзён цягам паўгода.