Skip to main content
Відэа: Візавы бар’ер
Май 30

Відэа: Візавы бар’ер

 

Тысячу дзвесце кіламетраў мяжы з Еўразвязам. Але каб трапіць на той бок – патрэбная віза. Атрымаць жа яе не надта проста: акрамя збору неабходных дакументаў, стаяння ў чэргах, трэба яшчэ заплаціць і немалую суму – шэсцьдзесят еўраў. Перамовы ж аб спрашчэнні візавага рэжыму ніяк не пачнуцца. Пра перспектывы візавага дыялогу Беларусі з Еўразвязам эксперты дыскутавалі сёння ў Менску.
Беларусы абсалютныя лідары ў свеце паводле колькасці атрыманых шэнгенскіх візаў. Летась іх лік сягнуў амаль 700 тысячаў, на 113 тысячаў больш, чым годам раней. Амаль палова з іх – з правам шматразовага ўезду.

РАДОЛЬФ РЫШАР, ПРАДСТАЎНІЦТВА ЕЗ У БЕЛАРУСІ:
«Ёсць пэўны давер да беларускага насельніцтва, таму яны найбольш атрымліваюць бясплатных візаў, шмат шматразовых візаў атрымліваюць».

Пацвярджае гэта і невялікая колькасць адмоваў – усяго 0,5 %. Але плоцім мы за візы найбольш у рэгіёне. І Расея, і Украіна, і Малдова падпісалі з Еўразвязам дамову аб спрошчаным візавым рэжыме. Іх грамадзяне могуць плаціць усяго 35 еўраў, а не як мы – 60, а неўзабаве прычакаюць і бязвізавых паездак.

ІРЫНА СУШКО, ГА «ЕЎРОПА БЕЗ БАР’ЕРАЎ», УКРАІНА:
«Украіна ў 2010 г. атрымала план дзеянняў дзеля візавай лібералізацыі, якая прадугледжвае выкананне тэхнічных крытэраў, а іх больш за 50 у самых розных кірунках дзяржаўнай палітыкі. Калі Еўразвяз палічыць выкананне гэтых рэформаў якасным і паспяховым, можа быць разгледжанае пытанне аб тым, каб украінцы атрымалі бязвізавы рэжым».

Сваім досведам украінскія эксперты дзяліліся падчас адмысловай дыскусіі, прысвечанай беларуска-еўразвязаўскаму візаваму дыялогу, якая прайшла ў Менску. Рада Еўропы запрасіла Беларусь да перамоваў аб спрашчэнні візавага рэжыму яшчэ два гады таму. Але дагэтуль працэс гэтак і не рушыў.

АНДРЭЙ ЕЛІСЕЕЎ, АНАЛІТЫК BISS:
«Гэта робіць візавую праблему вельмі пякучай, бо Беларусь відавочна адстае ад усіх іншых краінаў «Усходняга партнёрства» і Расеі ў візавым пытанні ды рызыкуе стаць абсалютным аўтсайдарам у візавым пытанні праз некалькі гадоў, калі краіны рэгіёну прасунуцца да бязвізавага рэжыму з ЕЗ».

Патрэба ж у шэнгенскіх візах у Беларусі і цяпер незадаволеная, а само атрыманне дакументу – вельмі працаёмкае.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Вельмі хочацца візу для таго, каб ездзіць у Польшчу. У нас маленькае дзіця, і мы чулі, што там усё значна таннейшае».
«Калі б я мог з’ездзіць на выходныя нават у бліжэйшыя краіны, было б здорава».
«Я б хацела, каб увогуле адмянілі візы. У мяне дачка за мяжою. Гэта вельмі важна для сям’і».
«Вядома, хацелася б, каб гэта ўсё як мага прасцей было зрабіць, не тое, каб танней, а менш папераў, менш цягамоціны гэтай».

Працэдуры атрымання візы пры спрошчаным рэжыме змяняюцца нязначна, час чакання скарачаецца ўсяго на тры дні. Асноўныя плюс – амаль удвая меншая аплата ды рух краіны да зняцця візавага бар’еру. Але афіцыйны Менск нават пра пачатак перамоваў маўчыць.

АНДРЭЙ ЕЛІСЕЕЎ, АНАЛІТЫК BISS:
«З усяго відаць, што прычыны хаваюцца ў негатыўных адносінах паміж Еўразвязам і Беларуссю, таксама некаторыя перасцярогі наконт пагаднення аб рэадмісіі. Беларусь баіцца, што будзе прымаць вельмі шмат нелегальных мігрантаў з іншых краінаў».

Але акурат гэтыя страхі могуць быць перабольшаныя. У 2011 годзе ва Украіну выслалі толькі 240 грамадзянаў трэціх краінаў, у Расею – 18.

Вольга Кляўчэня, «Аб’ектыў»