Я падарожнічаю па свеце з беларускім пашпартам з 15 гадоў. Няпростая справа.
Калі людзі пытаюць мяне пра тое, што мяне сапраўды раздражняе ў Беларусі, я не кажу пра палітыку. Я заўсёды кажу, не задумваючыся:
«Візы. Межы. Жудаснае пачуццё знаходжання ў пастцы. Прынізлівыя бясконцыя чэргі ў консульствах».
Сапраўды, маладога беларуса найбольш душыць не адсутнасць свабоды слова — у значнай ступені гэтую праблему вырашае інтэрнэт. І не грошы — у Беларусі можна жыць нядрэнна і значна больш камфортна на свае даходы, чым шмат дзе на Захадзе. Беларускага маладзёна душаць мытарствы, праз якія трэба прайсці для таго, каб падарожнічаць. Магчымасць убачыцца з сябрам у Вільні — такая блізкая, калі ты ўжо маеш візу, і такая далёкая, калі яе не маеш. Магчымасць вандраваць каўчсёрфінгам у Францыі ці з’ехаць на музычны фестываль у Венгрыю. Палітычныя праблемы краіны здаюцца вельмі абстрактнымі, але ёсць адна вельмі адчувальная: ты зачынены ў сваёй маленькай краіне, а ў свеце ёсць так шмат чаго пабачыць.
Улічваючы тое, што я жыла за мяжой на працягу шэрагу гадоў і апошні раз атрымлівала еўрапейскую візу яшчэ ў 2006 годзе, я магу сказаць па сваім нядаўнім досведзе, што візавая сітуацыя ў нашай краіне за гады маёй адсутнасці значна пагоршылася.
Вось мая сяброўка запрасіла мяне прыехаць у Рыгу на выходныя на 3 дні. Кошт візы — 60 еўра, і хоць я лічыла, што зусім несправядліва плаціць такія грошы ўсяго за 3 дні вандроўкі, апынулася, што найбольшы клопат — гэта нават не кошт візы. Найбольш я ачмурэла ад самога працэсу атрымання візы. Я адчула сябе поўным быдлам і смеццем.
Усё пачынаецца каля 6:30 — 7:00 раніцы, калі група прагных да падарожжа беларусаў збіраецца вакол амбасады, каб зарэзерваваць месца ў чарзе на візавае інтэрв’ю. Шмат людзей запаўняе двор пасольсва к 7 гадзінам. Усяго каля сотні. Гэта бабулі, дзеці, падлеткі — самыя розныя катэгорыі людзей.
З’явілася я там ў 8 гадзін (наіўна меркавала, што гэта рана) і апынулася недзе ў сярэдзіне чаргі. Майце на ўвазе, што амбасада зачыняецца апоўдні і больш у той дзень заяўнікаў не прымае. Ласкава запрашаем прыйсці на наступны дзень у 7 або 6 раніцы, каб зноў гуляць у чакальню і паспрабаваць сваю ўдачу.
Людзі боўтаюцца ля пасольскіх варотаў па некалькі гадзін (унутр нікога не пускаюць), будзь тое +30 улетку ці -30 узімку, за шанец паехаць у краіну, якая знаходзіцца ўсяго за пяць гадзін язды на аўтамабілі. Прыбіральняў навокал, канечне, няма. Застаецца або спраўляць патрэбу тут жа на месцы, або прасіць каго-небудзь патрымаць месца ў чарзе, пакуль вы сходзіце ў суседнюю кавярню, каб зрабіць свае справы і сагрэцца.
Каля апоўдня я нарэшце падыходзіла ўсё бліжэй да варот. Добразычлівая жанчына перада мной папярэдзіла, што я, верагодна, не траплю на сённяшняе інтэрв’ю і павінна буду вярнуцца на наступны дзень. Я сказала ёй, што калі я не траплю сёння, я не буду вельмі сумаваць з-за таго, што не наведаю Латвію. Яна абурылася: «Але ж нецярплівая дзяўчынка! Я спрабавала сюды трапіць на працягу роўна трох дзён, і мне не пашанцавала. Трапіць у той жа дзень — гэта ўвогуле добра.” Хтосьці гэта заве пазітыўным стаўленнем да жыцця, я гэта называю адсутнасцю пачуцця ўласнае годнасці, ці, хутчэй, сумна вядомай беларускай «памяркоўнасцю». Я была амаль гатовая галасіць, не з-за таго, што не траплю ў Латвію, а таму, што я мела справу з гэтым візавым лайном на працягу 11 гадоў і цяпер я бачу, што беларусам стала ў разы даражэй і шмат складаней падарожнічаць.
У рэшце рэшт, у мяне атрымалася прабрацца ўнутр. Насамрэч, я была апошняя, хто трапіў на інтэрв’ю ў той дзень. Мне пашчасціла! Так што пасля больш як чатырох гадзін чакання я заходзіла ў консульскі аддзел, уздыхаючы з палёгкай. Але дарма. З візавым цыркам яшчэ не было скончана.
У самой амбасадзе чарга падзеленая на тры. Было пачуццё, што мы ўсе — сябры па няшчасці ў нейкім ГАЛУГу, стаім гурбой, а на нас пакрыкваюць ахоўнікі, агрызаюцца консульскія клеркі, якія ўжо нервова зыркалі на гадзіннік і нагадвалі, што ўжо за поўдзень, то бок гаспадары нашага лёсу вольныя сысці на абед у любую хвіліну. Найбольш бянтэжыла тое, што, здавалася, я адна знаходзіла гэтую сітуацыю чымсьці ненармальным.
Я атрымала сваю долю вокрыкаў і выйшла з амбасады, адчуваючы сябе апляванай з ног да галавы. Столькі прыніжэння за 4 гадзіны, 60 еўра і 3 дні няшчаснага еўрапейскага падарожжа.
Я выдатна правяла час у Рызе. Але ці было гэта варта таго, што мне давялося перажыць? Я не ўпэўненая.
Таццяна