Skip to main content
Візавыя пасрэднікі павінны дзейнічаць згодна з заканадаўствам ЕС
сак 14

Візавыя пасрэднікі павінны дзейнічаць згодна з заканадаўствам ЕС

Для многіх беларусаў праблемай з’яўляецца не столькі кошт шэнгенскай візы, колькі расходы на візавых пасрэднікаў. Такое меркаванне выказаў эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў, які прэзентаваў 13 сакавіка ў Мінску вынікі папярэдняга даследавання «Некаторыя аспекты дзейнасці візавых пасрэднікаў у Беларусі».

«Зараз праходзяць афіцыйныя перамовы з Еўрасаюзам па падрыхтоўцы пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, — нагадаў эксперт у інтэрв’ю БелаПАН. — Але мы ў сваім даследаванні засяроджваем увагу не на факце гэтых перамоў, а на тым, што для тысяч беларусаў асноўным артыкулам расходаў на шэнгенскую візу з’яўляецца нават не стандартны візавы збор, а паслугі пасрэднікаў — як легальных, так і нелегальных».

Паводле слоў Елісеева, попыт на шэнгенскія візы ў Беларусі перавышае прапанову, магчымасці консульскіх службаў. Нягледзячы на тое што беларусы атрымліваюць шэнгенскіх віз на душу насельніцтва больш, чым грамадзяне любой іншай краіны, якая мае візавы рэжым з ЕС, попыт не задаволены. Можна было б праводзіць больш ліберальную візавую палітыку, якая дазваляла б атрымліваць візы на тэрмін ад двух да пяці гадоў, а не аднаразовыя ці шматразовыя, дзейныя ўсяго тры-шэсць месяцаў, лічыць адзін з аўтараў даследавання.

«Другі аспект — гэта асаблівасці электроннай рэгістрацыі, — працягвае Елісееў. — Консульствы выкідваюць у публічны доступ бясплатныя анкеты, і многія з іх трапляюць не канчатковаму спажыўцу, а нейкім кампаніям ці асобам, якія іх перапрадаюць. Вельмі важна зрабіць гэтую сістэму больш справядлівай, з тым каб анкеты даставаліся канчатковаму спажыўцу наўпрост, а не праз пасрэднікаў і не па завышанай цане.

Мы прапануем консульствам краін шэнгенскай прасторы разгледзець магчымасць заключэння пагаднення з візавымі пасрэднікамі, каб яны дзейнічалі паводле заканадаўства ЕС. Тады б кошт іх паслуг не перавышаў 30 еўра. Да таго ж у гэтым выпадку былі б абаронены персанальныя даныя візавых заяўнікаў».

БелаПАН