13 сакавіка ў Мінску былі прадстаўленыя вынікі папярэдняга даследавання «Некаторыя аспекты дзейнасці візавых пасярэднікаў у Беларусі», прыведзенага экспертам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэем Елісеевым і Юліяй Мурыгінай.
На прэзентацыі былі агучаны шэраг высноваў даследчыкаў, што тычацца стану справаў на «візавым» рынку Беларусі. У прыватнасці, як адзначыў Андрэй Елісееў, у Беларусі «попыт на візы не задаволены». Паводле ягоных словаў, «калі няма балансу, з’яўляецца шэры рынак».
Відэа пра падзею
Іншая праблема, якая існуе — асаблівасць распаўсюду электронных рэгістрацый у консульствы. Кансуляты традыцыйна выдаюць каля траціны ўсіх шэнгенскіх візаў у Беларусі.
«З аднаго боку, электронная сістэма рэгістрацыі — эфектыўная. Але з іншага боку, гэта сістэма спарадзіла шэраг праблем, — кажа Елісееў. — У выніку, карыстальнікам даводзіцца плаціць розным пасярэднікам, каб перакупіць гэту анкету. Шэраг консульстваў краін ЕС звярталіся да беларускага МЗС з мэтай павялічыць памер консульскага штату — гэта адна з дзейсных мераў. Але гэта толькі часткова можа вырашыць праблему».
Як заканадаўства ЕС рэгулюе візавае пасярэдніцтва? У Візавым кодэксе ёсць узгадка візавых пасярэднікаў. Уласна консульства можа займацца толькі разглядам дакументаў і вырашэннем ставіць візу ці не. Астатнія дакументы могуць прадстаўляць візавыя пасярэднікі.
Цяпер у межах заканадаўства ЕС у Беларусі дзейнічае толькі адзін падобны цэнтр.
«Галоўная праблема на дадзены момант — гэта так званыя хакеры, — лічыць Елісееў. — Яны забіраюць месцы на рэгістрацыі, каб пасля іх перапрадаюць. Варта абмеркаваць, як змяніць сістэму размеркавання электронных анкет. Часам такія пасярэднікі прадстаўляюць фіктыўныя дакументы, якія суправаджаюць візавую заяву».
Эксперты заклікалі краіны ЕС яшчэ болей карыстацца тымі магчымасцямі, што прадастаўляе Візавы кодэкс. «Цягам даследавання мы высветлілі, што нярэдка консульствы выдаюць фіктыўныя шматразовыя візы на 3 месяцы — фактычна, гэта парушэнне візавага кодэксу. Гэта не спрыяе захаванню балансу попыт/прапанова на візавым рынку», — кажа Елісееў.
«Таксама мы спадзяемся на развіццё супрацоўніцтва з кампаніямі, якія б працавалі ў межах заканадаўства краін ЕС. Вельмі важна, каб беларусы мусілі плаціць не болей за 30 еўра за такую паслугу», — дадае ён.
Поўная версія даследавання будзе даступная цягам некалькіх тыдняў.