Плануючы вандроўку, трэба падумаць пра пытанні ўласнай бяспекі. Некалькі парадаў, як падрыхтавацца да непрыемных неспадзяванак і ў іх не трапляць.
1. Набудзь страхоўку. Гэтыя пару даляраў не істотна падкосяць бюджэт твайго падарожжа. У выпадку нечаканых праблемаў са здароўем збірай усе квіткі за тэлефонныя размовы, паліва, пераезды ў лякарню, паслугі доктара і г.д. Потым гэтыя выдаткі будуць пакрытыя страхавымі арганізацыямі.
2. Зрабі па дзве копіі ўсіх важных дакументаў (пашпарт, крэдытныя карткі, страхоўка, правы і інш.). Пакінь адзін камплект дома ці ў сяброў, другі бяры з сабой. Таксама файна мець сканы гэтых паперак на сваёй электроннай скрыні.
3. Не спрабуй эканоміць на сувязі. Абавязкова вазьмі тэлефон. Падключы, як мінімум, смс-роўмінг ці набудзь сімку мясцовых аператараў. Шыкоўна, калі ёсць запасны акумулятар і еўрапейскі сеткавы перахаднік.
Куды звярнуцца, калі бяда?
Ва ўсіх краінах Еўразвязу працуе адзіны нумар экстранай дапамогі — 112. Яго можна набраць як са стацыянарных, так і з мабільных тэлефонаў. Званок дармовы. Падрыхтуй спіс неабходных кантактаў: амбасада ці консульская служба, твой банк, страхавая кантора.
4. Будзь цікаўным! Не палянуйся, пачытай троху пра мясціны, у якія збіраешся: звычаі, адзенне, ветлівыя словы на іх мове і г.д. Паспрабуй зразумець: леапардавыя мікрашорты і цішотка «Keep calm, I’m Russian» — не заўжды выдатная форма для падарожжаў. Менш будзеш крычаць сваім выглядам, што ты — турыст, захаваеш больш грошай і здароўя.
5. Фінансы і дакументы лепей класці асобна. Добра, калі ёсць і наяўныя, і крэдытная картка. Таксама пажадана мець недатыкальны (абсалютна, нават калі ты п’яны, закаханы ці знайшліся туфелькі тваёй мары) запас грошай. І не думай спускаць яго ў апошні дзень адпачынку — дарога дадому таксама можа рыхтаваць прыгоды.
6. Вяртаемся да тэмы здароўя. Калі прымаеш лекі, складзі іх у сваю валізку. А каб не ўзнікла пытанняў на мяжы, прыхапі рэцэпт.
Пагартай апошнія навіны краіны, якую наведаеш. Магчыма, там сполах інфекцыі, ад якой у цябе няма прышчэпкі, ці заўсёды гуляе якая хвароба, і табе для прафілактыкі трэба пачынаць глытаць таблеткі. Перад тым, як набіваць за шчаку невядомую заморскую ежу, пацікаўся, што ўваходзіць у склад (можа быць, на асноўны кампанент ты маеш алергію).
7. Заўсёды захоўвай добры настрой! Лёгкія думкі і ўсмешка абароняць цябе ад большасці праблемаў.
Шчаслівых падарожжаў!
Наста Шыркіна i Руслан Сярмяжка