Калі перамовы закончацца посьпехам, кошт візаў для беларусаў будзе зьменшаны да 35 эўра.
Менск нарэшце адгукнуўся на прапанову Эўрапейскай камісіі аб распачацьці перамоваў наконт спрашчэньня візавага рэжыму паміж Эўразьвязам ды Беларусьсю. Некалькі гадоў такая прапанова з боку Эўракамісіі заставалася без адказу. А пасьля візыту віцэ-міністра замежных справаў Алены Купчыной у Брусэль стала вядома, што Беларусь адказала на запрашэрньне пачаць перамовы аб зьмяншэньні коштаў на візы для беларусаў.
Калі перамовы закончацца посьпехам, то кошт візаў будзе зьменшаны да 35 эўра, скарочаны тэрмін выдачы візы, а таксама павінна быць спрошчана працэдура іх атрыманьня.
Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы Марэк Мігальскі цікавіцца Беларусяй і часта зьвяртаецца ў розныя інстанцыі па розных беларускіх пытаньнях. На ягоную думку, спрашчэньне візавага рэжыму або нават адмена візаў прынясе карысьць абодвум бакам.
М. Мігальскі: Дыскусія на гэтую тэму ідзе ўжо шмат гадоў. Я зьяўляюся гарачым прыхільнікам такіх зьменаў — бязьвізавай сыстэмы або вельмі простай сыстэмы выдачы танных візаў, асабліва для маладых. Гэта карысна для людзей, каб яны маглі без цяжкасьцяў уехаць на тэрыторыю Эўразьвязу. Вядома, што адбываецца вакол выдачы візаў, ёсьць шматлікія парушэньні. Так што адмена візаў была б карысна і для беларусаў, і для Эўрапейскага Зьвязу.
А вось палітычны аглядальнік Андрэй Фёдараў ня вельмі разумее, навошта беларускія ўлады ідуць на такі крок. Яны стараюцца трымацца здалёк ад Эўрапейскага Зьвязу, а адмена візаў або зьмяншэньне іх кошту ўдарыць па беларускай казьне ды павялічыць адток валюты з краіны. Магчыма, гэта толькі сыгнал з боку Менску, што з Захадам дзяржава да канца не парывае, — задумоўваецца наш камэнтатар.
А. Фёдараў: Гэта было абяцаньне, дадзенае міністрам замежных справаў Макеем на саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні. Гэта лягічна — абяцаньне было дадзена — пемаовы пайшлі. Але я ня вельмі разумею, навошт беларускім уладам гэтыя перамовы. Калі яны закончацца станоўча, будзе зьменшаны кошт візаў як для беларусаў, так і для замежнікаў у Беларусі. Адпаведна, страціць беларускі бюджэт. І навошта, каб больш людзей магло выяжджаць у аб’яднаную Эўропу й бачыць, як там ідзе жыцьцё? Раней былі падпісаныя пагадненьні аб спрошчаным рэжыме паміж Беларусяй ды трымя краінамі — Летувой, Латвіяй і Польшчай. Але дзейнічае толькі адно — з Латвіяй. Гэта сьведчыць яскрава аб тым, што беларускім уладам гэта ня вельмі патрэбна. Таму не разумею, навошта гэтыя перамовы. Магчыма, толькі дзеля таго, каб даць нейкі сыгнал, што мы ня ўсё яшчэ замарозілі з Захадам.
Магчыма, гэта сыгнал, які Менск пасылае ў бок Масквы — маўляў, для Расеі ёсьць альтэрнатыва. Гэта гульня, якую Лукашэнка вядзе ўжо шмат гадоў. Але калі візы сапраўды патанеюць, гэта прынясе канкрэтную карысьць беларускім грамадзянам. І таму беларусы замежжа здаўна стараюцца лябаваць гэтае пытаньне ў Брусэлі, — адзначае кіраўнік Офісу за дэмакратычную Беларусі Вольга Стужынская.
В. Стужынская: У нас была кампанія па зьніжэньні кошту візаў, мы пастаянна падымалі гэтае пытаньне на розных узроўнях, былі адным зь ініцыятараў стварэньня кааліцыі «Эўропа бязь візавых бар’ераў». Але ўсё роўна, калі казаць пра візавую фасілітацыю і рэадмісію, гэта перамовы зь кіраўніцтвам краіны. Канешне, было вельмі важна лябіраваць гэтае пытаньне і трымаць у павестцы дня, але напрыканцы гэта і так перамовы зь кіраўніцтва Беларусі. Афіцыйны Менск шукае магчымасьці дыялёгу, пра што казаў кіраўнік краіны. Хоць крокі ў бок Захаду невялікія, але яны ёсьць і ёсьць больш адкрытасьці для перамоваў.
Польская амбасада ў Менску хваліцца, што яна выдае найбольш шэнгенскіх візаў для беларусаў з усіх краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Палякі моцна лябіравалі ў Эўразьвязе беларускае пытаньне. Пасольства стараецца выдаваць па меры магнчымасьці бясплатныя нацыянальныя польскія візы, — адзначае прэс-сакратар пасольства Польшчы ў Менску Анна Дэрска.
А. Дэрска: Мы заўсёды казалі, што зацікаўлены ў паніжэньні коштаў на візы для беларусаў і каб была шырокая магчымасьць атрыманьня бясплатнай візы. Мы самі прапануем нацыянальныя польскія візы, за якія беларусы ня плацяць. І стараемся таксама, каб шэнегнскія візы былі як мага больш даступныя для беларускага грамадзтва.
Калі перамовы паміж Брусэлем ды Менскам завершацца посьпехам, то кошт візаў Шэнгенскай зоны для беларусаў будзе зьменшаны да 35 эўра. Акрамя таго, будзе ўведзена 17 катэгорый асобаў, якія атрымаюць візы зусім бясплатна. Працэдура атрыманьня візаў таксама павінна быць спрошчана, тэрмін іх выдачы скарочаны, і вызначаныя крытэрыі, паводле якіх будуць выдавацца доўгатэрміновыя візы дзеяньнем больш за адзін год.
Польскае радыё для замежжа