Skip to main content
Круглы стол “Travel day”: як знайсцi цiкавыя адукацыйныя праграмы і падарожнічаць бюджэтна
лют 28

Круглы стол “Travel day”: як знайсцi цiкавыя адукацыйныя праграмы і падарожнічаць бюджэтна

Круглы стол «Travel day. У свет замежных стажыровак», які быў праведзены 18 лютага валанцёрамі кампаніі «У Беларусь і Еўропу  БЕЗ ВІЗЫ!», сабраў зацікаўленую ў міжнародных адукацыйных абменах і праграмах моладзь, а таксама тых, хто не ведае дакладна, дзе можна шукаць інфармацыю пра студэнцкія стажыроўкі, магчымасці вандраваць бюджэтна і ўдзельнічаць у валанцёрскіх праграмах.

Першай размову распачала Любоў Каспяровіч, магістрантка Інстытута журналістыкі, якая зараз працуе на адукацыйным моладзевым партале «Аdukacyja.info» Люба прымала ўдзел у розных адукацыйных і культурных праграмах, дзякуючы якім яна падарожнічала. Такім чынам, спіс краін, дзе дзяўчыне давялося пабываць, прадстаўлены такімі краінамі, як Германія, Італія, Партугалія, Швецыя, Данія, Літва, Чэхія, Эстонія, Польшча, Украіна, Расія, Францыя, Нідэрланды. Але Любоў спадзяецца, што гэта толькі пачатак.

Шмат пытанняў пра тое, куды звяртацца, каб паўдзельнічаць у міжнародных праграмах, і дзе шукаць гэтыя прапановы, прагучала падчас выступу першага спікера. Любоў захапляльна і шчыра распавяла свае гісторыі ўдзелу ў такіх праектах, а таксама параіла самім сачыць за навінамі і звяртацца да публікацый, што выходзяць на сайце Аdukacyja.info, бо амаль кожны дзень інфармацыя там абнаўляецца, а знайсці цікавыя і цудоўныя прапановы вельмі проста. Нават можна націснуць на любую краіну ў спісе і ўбачыць, якія ёсць праекты ў дадзены момант. Але не толькі прафесійныя стажыроўкі і студэнцкія абмены размешчаны на партале, таксама вы ўбачыце найлепшыя стыпендыі, міжнародныя канферэнцыі, прэстыжныя конкурсы і натхняльныя імрэзы.

Падчас размовы было зададзена цікавае пытанне: ці існуюць стажыроўкі і праграмы для студэнтаў і выпускнікоў тэхнічных ВНУ. Люба адказала, што якраз такім студэнтам пашанцавала больш, чым гуманітарыям, і кола іх магчымасцяў таксама значна шырэйшае. Усім слухачам Любоў Каспяровіч пажадала ўдачы ў пошуку цікавых праектаў, абавязкова параіла ўдзельнічаць у іх, падарожнічаць, бо магчымасцяў для гэтага існуе вельмі шмат.

Яўгенія Ларыкава працягнула тэму адукацыі за мяжой, а таксама падзялілася сваёй гісторыяй удзелу ў праектах і трэнінгах. Больш падрабязна спікер распавяла пра вядомыя для многіх праграмы «Work and travel» і EVS (Еўрапейская валанцёрская служба, адна з праграм праекту «Еrasmus+»), патлумачыла розніцу паміж імі.

У 2009, 2010 і 2011 гг. па праграме «Work and travel» ёй давялося працаваць у Ocean City (штат Maryland) афіцыянткай. Сваё першае месца працы яна знайшла праз знаёмую. Яўгенія адзначыла, што ў першую чаргу моладзь едзе не зарабіць грошы, а ўбачыць новыя краіны са сваімі асаблівымі традыцыямі і культурай, атрымаць яскравыя эмоцыі і ўражанні. Безумоўна, такія праекты даюць магчымасць сустрэць добрых сяброў і цікавых суразмоўцаў, з якімі потым часта працягваеш камунікаваць і падтрымліваць сувязь.

На пытанне ці важна добра ведаць замежную мову, дзяўчына адказала, што не заўсёды на праект шукаюць людзей з добрым узроўнем валодання мовай, але калі казаць пра ЗША, то ў першую чаргу ацэньваюць знешні выгляд і моўныя здольнасці. Часам могуць адмовіць у працы. Але ў горадзе, дзе яна была, даволі шмат працы, таму некаторыя ўладкоўваліся адразу ў некалькі месцаў.

Дзяўчына шмат удзельнічала ў праграмах EVS, але цяпер ужо яна выбірае, каго варта браць на праект, а каго не. Што датычыцца напісання матывацыйнага ліста і сакрэтаў, як яго напісаць, каб цябе абавязкова ўзялі, то яго Яўгенія прапанавала рыхтаваць з уплывам не на тое, што трэнінг ці праект прынясе новыя веды, а пісаць, чым гэтая праграма дапаможа, і як выкарыстае атрыманыя веды ўдзельнік ў будучыні.

Трэцім спікерам была Вольга Кастылюк, заўзятая вандроўніца, якая на ўласным досведзе паказала, як можна зэканоміць у падарожжы. Яе тэма: «Грошай няма, а я ў Парыжы. Сакрэты бюджэтных вандровак».

Самыя асноўныя правілы, якія трэба ведаць, калі едзеш у падарожа: не выкарыстоўваць у Еўропе цягнік, бо ён вельмі дарагі, не забываць, што часам квіток на самалёт каштуе меней, чым квіток на цягнік (ecolines.ru, eurolines.домен краіны, alsa.es), лятаць на лаўкостах (ryanair.com, wizzair.com, azair.com, skypicker.com, skyscanner), жыллё шукаць на booking.com, кватэру здымаць (калі шмат людзей) на airbnb, а таксама памятаць пра couchsurfing.com (буйнейшая гасцявая сетка, калі не трэба плаціць грошы за начлег, ты проста камунікуеш з гаспадаром, абавязкова прывозіш яму падаруначкі з Беларусі (журавіны ў цукры, зефір, квас, магніцікі, паштоўкі і інш.), кэмпінг, палаткі, начныя пераезды.

Перад падарожжам Вольга параіла абавязкова спампаваць сабе мабільныя праграмы:

  • Maps.me  oффлайновые карты;
  • Еvernote.com  электронны нататнік з нататкамі пра падарожжа
  • Wi-fi finder  пошук кропак бясплатнага інтэрнэту;
  • Yelp  рэкамендаваныя ўстановы грамадскага харчавання;
  • Viber  камунікацыя, вызначыць месцазнаходжаньне.

Што датычыцца ежы, то Вольга параіла па магчымасці гатаваць самім, прадукты набываць у гіпермаркетах або на рынках, снедаць у тых месцах, дзе больш мясцовых жыхароў, а не турыстаў, загадзя высвятляць, якія нацыянальныя стравы варта паспрабаваць і дзе, не забываць, што самая дарагая страва не значыць самая смачная. А калі вы нічога не знайшлі. Не трэба забываць пра ўсюдыісны McDonalds.

Апошнім выстопоўцай стала валанцёр кампаніі «У Беларусь і Еўропу  БЕЗ ВІЗЫ» (novisa.by) Марына Аляксандрава, якая распавяла пра асноўныя задачы і мэты праекту. Адзначыла, што вельмі важна рэгулярна падымаць пытанне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС, інфармаваць грамадскасць аб сітуацыі, якая склалася, і пра тое, што адмена візавага рэжыму  гэта не міф, а рэальнасць.

Якім чынам гэта робіцца?

Пасродкам грамадскіх мерапрыемстваў і пісьмовых зваротаў у адпаведныя ўстановы. Гэта стымулюе беларускі бок да хутчэйшага падпісання неабходных дакументаў.

Кампанія развівае валанцёрскі рух, заахвочваючы людзей і іх імкненне да спрашчэння візавага рэжыму.

Адзін з цікавых праектаў  гэта фестываль мабільнасці «Самаход», які ўключае ў сябе серыі лекцый і семінараў аб падарожжах, мабільнасці, візах і межах, а таксама конкурсы, віктарыны, музычныя выступы. Фестываль праходзіць штогод з 2012 года ў Мінску. З 2015 года фестываль пашырыў сваю геаграфію: пабываў таксама ў Брэсце, Магілёве і Гродне. У гэтым годзе плануецца правесці яго ва ўсіх абласных цэнтрах.

Пасля прэзентацыі кампаніі Марына правяла цікавую віктарыну, а перамжцы атрымалі прыемныя падарункі.

Мерапрыемства скончылася, але тая інфармацыя, якую атрымалі слухачы абавязкова павінна спатрэбіцца ў будучыні. На круглы стол прыйшло шмат моладзі, і я спадзяюся, што кожны пачуў менавіта тое, што хацеў ведаць. А цяпер засталося пажадаць удачы ў пошуку цікавых падарожжаў, стажыровак і праектаў!

Ці спадабалася мерапрыемтсва слухачам, мы зараз даведаемся ў дзяўчатак.

Алена Казючіц: Выдатна, што спікеры распавядалі гісторыі па сваіх канкрэтных уражаннях. У прынцыпе, усё было ясна і пытанняў не засталося. Па бюджэтных падарожжаў я шмат-шмат карыснага выявіла, гэта была самая насычаная інфармацыяй частка. Хацелася б пачуць яшчэ інфармацыі аб іншых праграмах. Я, напрыклад, у канцы мінулага года падала заяўку на Study tours to Poland (STP) і ў красавіку-траўні паеду. Выпадкова ад аднаго аб гэтай праграме даведалася, калі атрымала адказ, была, вядома, на сёмым небе. А потым яшчэ і пра гэтую сустрэчу пачула, падумала, што карысна будзе паслухаць, якія наогул праграмы існуюць.

Вольга Нелюбовіч: Мне вельмі спадабалася, па-першае, тэма круглага стала. Таму калі палова знаёмых кудысьці вечна зязджае па нейкіх модных і вясёлых суперпрограмах, другая палова здзіўляецца, дзе яны і як гэта знаходзяць.

Мне здаецца, што гэта важны крок  арганізоўваць такія круглыя сталы ва ўніверсітэтах, каб у студэнтаў быў доступ да інфармацыі аб альтэрнатыўнай або замежнай адукацыі, каб гэта была нармальная практыка, а не доля «самых асвечаных» і тых, хто «у тэме» аб тым, якія магчымасці, аказваецца, адкрыты перад усімі намі, беларускімі студэнтамі. Таму мне спадабалася ўсё, пачынаючы ад тэмы і заканчваючы спікерамі. Усё было цудоўна, маса карыснай інфармацыі. Вялікі плюс тое, што была магчымасць задаць пытанні спікерам.

Вольга Хвядчэня: Больш за ўсе мяне зацікаваў паломніцкі шлях Сантяга ў Іспаніі, пра які распавядала Вольга Кастылюк. Можа аднойчы і я адважуся на гэтае падарожжа. У тэме міжнародных праектаў і танных падарожжаў я ўжо трэці год: вяду суполку УКантакце «Міжнародныя праекты для беларусаў», па магчымасці арганізую сустрэчы ці прыватна распавядаю пра праграмы і праекты, у якіх беларусы могуць прымаць удзел, падарожнічаю. Таму асабіста для меня на круглым стале амаль не было новай інфармацыі. Але сам факт, што ў Мінску арганізавалі падобнае мерапрыемства мяне вельмі парадаваў і натхніў. Я, напрыклад, прыехала з Брэста, каб паўдзельнічаць. Увогуле, мерапрыемства атрымалась вельмі інфарматыўным і практычна накіраваным. Асабліва з улікам таго, што большасць прысутных не чулі раней пра міжнародныя магчымасці, аб якіх распавядалі дзяўчыны. Вельмі жадаю, каб праект «Travel day» рос, буйнеў і яшчэ не раз сабраў удзельнікаў пад сваімі крыламі.

Аўтар: Настасся Жухарава