Skip to main content
Ці магчыма атрымаць гадавы шэнген за два тыдні?
снеж 01

Ці магчыма атрымаць гадавы шэнген за два тыдні?

Шэнгенская віза на год. Ад вас толькі фота, пашпарт і 460 еўра. Ні запрашэння, ні візавай гісторыі не патрэбна, — такую рэкламу Еўрарадыё пабачыла ў інтэрнэце і І звярнулася да польскай амбасады, каб пацікавіцца, ці зробяць там візу на такіх умовах.
“Гэта абсалютна немагчыма. Каб атрымаць гадавы шэнген, патрэбна візавая гісторыя. Ёсць жорсткія працэдуры выдачы шэнгенскіх віз, не толькі для консульства нашай краіны, але і для ўсіх консульстваў іншых краін шэнгенскай зоны. Што датычыцца пасярэдніцтва, то 400 еўра — гэта нейкая страшэнная сума”
У польскім консульстве Еўрарадыё ўвогуле распавядаюць, што калі такая арганізацыя існуе, то ашуквае людзей, і трэба паведаміць у органы. Але фірма сапраўды існуе, яна атрымала рэгістрацыю паўгода таму ў Мінгарвыканкаме.
Карэспандэнт Еўрарадыё звярнуўся па гэты самы шэнген. Па тэлефоне  запэўнілі — усё легальна, і з такой візай пытанняў на мяжы задаваць не будуць. Але калі ў Польшчу, то спачатку адкрыюць аднаразовую візу, потым — гадавую. Але ёсць варыянты…

“Без папярэдніх віз можна зрабіць за 400 еўра. Дорага, таму што адразу. Так вы зробіце аднаразовую за 120, потым за 160 шматразовую, але чакаць давядзецца больш за 2 месяцы. Мы прапануем адразу шматразовую за 2 тыдні без вашай прысутнасці. Таму і такі кошт. Але гэта не Польшча будзе, а Латвія, Чэхія, Эстонія”.

— А якое запрашэнне будзе? — пытаецца карэспандэнт у гандляроў візамі. —  Вам важна гэта? Галоўнае — віза будзе. Усё легальна, усё сапраўднае і без левых дакументаў, — запэўнівае супрацоўнік фірмы. З Еўрарадыё патэлефанавалі ў консульства Чэхіі. Там не выключылі, што нехта можа фальсіфікаваць дакументы, але таксама запэўнілі, што ў чысты пашпарт не паставяць шматразовую візу.

“На жаль, не магу выключыць, што нехта з акрэдытаваных турфірмаў можа падаваць фальшывыя дакументы. Але калі там увогуле ніякай шэнгенскай візы ніколі не было, мы заўсёды ставім толькі аднаразовую. Магу сказаць на 99 працэнтаў, што такое немагчыма”.
Еўрарадыё накіравалася ў офіс канторы, што прапануе такі шэнген. Невялікі пакойчык без назваў і подпісаў быў зачынены. Ахоўнік унізе адразу здагадаўся: дык вы ж па візу?
“Ён тут рэдка бывае. Прыйдзе на гадзіну-дзве і зноў некуды збягае”.
Паводле слоў ахоўніка, людзі прыходзяць часта: відаць, карыстаецца попытам паслуга.
Патэлефанавалі ў фірму другі раз, каб наўпрост запытаць, адкуль такі высокі кошт і чаму яны абяцаюць гадавую візу, калі ў амбасадах кажуць, што яе не паставяць.
“Мы вам робім візу, вы яе аплочваеце толькі пасля таго, як атрымалі. Гэта абсалютна легальна. Проста ў нас усё на асабістых адносінах з консульствам”, — тлумачаць на фірме, што прапануе такія шэнгены.
Што праўда, паслугі па адкрыцці візаў аказвае шмат турыстычных кампаній, але яны, як правіла, спачатку робяць аднаразовую візу, потым гадавую. Турфірма мае акрэдытацыю пры амбасадзе, каб падаваць групавыя дакументы. А далей можа быць два варыянты. Фірма афармляе турыстычныя дакументы, замаўляе гатэль, але вы едзеце сваім ходам.
Другі ж варыянт цікавейшы, яго можна правярнуць і без дапамогі пасярэднікаў. У некаторых вялікіх крамах можна набыць запрашэнне па пакупкі, нібыта вы іх сталы кліент. Такая папера каштуе ад 30 еўра.
Але зараз галоўная праблема нават не ў дакументах, а ў рэгістрацыі. У польскае консульства ідзе запіс на канец красавіка, травень. Калі не ў Мінску, то магчыма запісацца на сакавік. Супрацоўнікі турфірмаў сядзяць за камп’ютарамі і адразу, як з’яўляюцца вольныя дні, пачынаць рэгістраваць сваіх кліентаў. З-за гэтага без дапамогі пасярэднікаў запісацца ў консульства вельмі складана.