Skip to main content
Еўракамісія ініцыюе перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю
снеж 10

Еўракамісія ініцыюе перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю

Еўракамісія (ЕК) рэкамендуе Савету міністраў ЕС ухваліць мандат для пачатку перамоўнага працэсу з Беларуссю па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Адпаведны дакумент быў накіраваны на разгляд Савета Еўрасаюза 12 лістапада, паведамляе прэс-служба прадстаўніцтва ЕК у Беларусі.


ЕК прапаноўвае дзяржавам — членам Еўрасаюза разгледзець пералік пытанняў, па якіх ЕС гатовы спрасціць працэдуры афармлення віз. Размова ідзе, у прыватнасці, аб спрашчэнні працэдуры атрымання працяглых шматразовых віз для паездак у ЕС, скасаванні або змяншэнні платы за візы для пэўных катэгорый грамадзян, устанаўленні тэрмінаў для апрацоўкі візавых заявак, а таксама аб магчымым зняцці візавых патрабаванняў для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў.
“Спрашчэнне візавага рэжыму надзвычай важнае для грамадзян Беларусі. Новая сістэма прадугледжвае больш прадказальную і празрыстую працэдуру атрымання віз, а таксама зніжэнне іх кошту ўдвая. Такое спрашчэнне палепшыць абмен і павялічыць колькасць кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і Еўрапейскага саюза. Разам з тым пагадненні забяспечаць прававыя падставы для вяртання грамадзян, якія нелегальна знаходзяцца на тэрыторыі ЕС, на тэрыторы іх роднай краіны”, — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, 15 лістапада падчас візіту ў Мінск еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле паведаміў: рабочыя групы па падрыхтоўцы пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму могуць пачаць працу ўжо ў лістападзе, а па пагадненні аб рэадмісіі — у снежні.